Ляснічы Пажэжынскага лясніцтва – лепшы ў прафесіі па выніках работы ў 2025 годзе

У Маларыцкім лясгасе падведзены вынікі работы за 2025 год. Лепшым у прафесіі стаў ляснічы Пажэжынскага лясніцтва Сяргей Касынюк. Для атрымання такога ганаровага звання ўлічвалася некалькі паказчыкаў лесагаспадарчай дзейнасці. Гэта і  працэнт плошчаў зямель, пакрытых лесам, прыжывальнасць лясных культур, увод маладняка ў катэгорыю каштоўных драўняных пасаджэнняў, нарыхтоўка ляснога семя, догляд за маладымі пасаджэннямі, паступленне сродкаў ад лесагаспадарчай дзейнасці…

 Сяргей Касынюк гаворыць, што яго ганаровае званне – гэта заслуга ўсяго калектыву, дзе кожны ведае: якасць, адказнасць, аператыўнасць, бяспека – вышэй за ўсё.

У лясной гаспадарцы Сяргей Сяргеевіч ужо працуе амаль 37 гадоў. У Маларыцкім лясгасе падкрэсліваюць, што гэта старанны, адказны і патрабавальны ляснічы, які якасна выконвае службовыя абавязкі, умее планаваць сваю дзейнасць і працу лясніцтва, патрабавальны як да сябе, так і да падначаленых. У яго вялікі практычны вопыт, безумоўны аўтарытэт сярод калег.

 Сяргей Касынюк ляснічым марыў стаць з дзяцінства. Да іншых прафесій ніколі не прыглядаўся і нават не задумваўся аб тым, што лёс можа быць нейкі іншы. Часта юнак бываў у лесе, любіў збіраць грыбы, ягады. Падагравала цікавасць да гэтай прафесіі і тое, што дзядзька  Іван часта браў з сабою на паляванне. Для юнака гэта было своеасаблівай рамантыкай. Навучэнцам Полацкага ляснога тэхнікума ён стаў з трэцяга разу.

– Не, паступаў туды толькі адзін раз, – успамінае Сяргей Касынюк. – Пасля васьмі класаў вучыцца адгаварыла маці. Не хацелася ёй адпускаць сына так далёка. Яшчэ адна прычына заключалася ў тым, што ў бацькоў было васьмёра дзяцей. Па старшынстве я – трэці. Старэйшыя  за мяне паступілі вучыцца. Неабходна было маці і тату дапамагаць па гаспадарцы. Пасля дзевяці класаў паступаць  настойліва адгаворвалі ўжо школьныя настаўнікі. Аднак ажыццявіць сваю мару змог на наступны год пасля заканчэння сярэдняй школы. Праз год вучобы прызвалі на службу ў марфлот. Адслужыўшы, вярнуўся давучвацца.

На першае месца працы Сяргея Касынюка накіравалі ў Велікарыцкае лясніцтва майстрам лесу. З першага дня самастойнай працы дэталёва ўнікаў у тонкасці лясной справы, на практыцы авалодваў прафесійнымі сакрэтамі. 30 жніўня 2003 года ён быў прызначаны ляснічым Пажэжынскага лясніцтва. З таго часу так нязменна тут і служыць абранай справе. Безумоўна, былі прываблівыя прапановы змяніць месца працы, аднак з аднойчы выбранай жыццёвай сцежкі вырашыў не збочваць.

Сяргей Сяргеевіч гаворыць, што лес – яго стыхія. Менавіта ў лесе знайшоў сваё прызванне. У ім адпачывае душой, рэалізоўвае задуманае. Гэта – яго лёс, крыніца натхнення.

Увесь дзень Сяргея Касынюка распісаны па хвілінах, каб усюды паспяваць. Спраў у яго заўсёды шмат. Ляснічы ўпэўнены, што клопат пра лес пачынаецца з беражлівых адносін, акуратнасці, ашчаднасці і ветлівасці ў абыходжанні з прыродай. Для яго вельмі важна, каб у лесе ніякіх надзвычайных здарэнняў не адбывалася, каб усё было да ладу, каб быў толк ва ўсім і належны парадак усюды. Мужчына перакананы, што лес – велізарны жывы арганізм, у якім усё ўзаемазвязана: раслінны і жывёльны свет, чалавек, які туды прыходзіць. Гэта багацце, якое неабходна берагчы, клапаціцца пра яго, пастаянна памнажаць.

У Сяргея Касынюка актыўная жыццёвая пазіцыя. Можа, таму ўжо пятае скліканне жыхары вёсак Дубічна, Новае і Старое Раматова, часткова вёскі Гусак выбіраюць ляснічага дэпутатам сельскага Савета ад Дубічанскай выбарчай акругі. А гэта гаворыць пра тое, што давер на выбарах мясцовае насельніцтва аказвае самым годным, тым, да каго звяртаюцца за дапамогай у вырашэнні сваіх надзённых праблем і жыццёвых пытанняў.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий