Да дня выратавальніка ў Маларыцкім раённым цэнтры культуры прайшоў урачысты сход

Ёсць прафесіі, дзе гатоўнасць да подзвігу не выключны ўчынак, а штодзённы абавязак. Да іх ліку адносіцца і выратавальнік-пажарны. Тыя, хто выбраў такі свой жыццёвы прафесійны шлях,  не толькі змагаюцца з агнём, але і ліквідуюць наступствы надзвычайных сітуацый і праводзяць аварыйна-аднаўленчыя работы, вызваляюць людзей з разбітых у аварыі аўто, абясшкоджваюць небяспечныя рэчывы. Яны людзі мужныя і моцныя духам, прыходзяць на дапамогу ў любы час сутак і пры любым надвор’і. Дзякуючы іх самаадданасці і мужнасці, мы можам адчуваць сябе ў бяспецы.

Да дня выратавальніка ў Маларыцкім раённым цэнтры культуры  прайшоў урачысты сход, прымеркаваны да гэтай прафесійнай даты. У зале сабраліся тыя, хто цяпер нясе службу ў Маларыцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У ліку гасцей – старшыня Маларыцкага раённага  выканаўчага камітэта Аляксандр Корж, начальнік Маларыцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Струнец.

Адкрываючы мерапрыемства, Аляксандр Корж адзначыў, што адвага і мужнасць, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя людзей заўсёды адрозніваюць выратавальнікаў. Высокае майстэрства, вопыт і ўменне знайсці выхад з самых складаных і экстрэмальных сітуацый – гэтыя якасці дазваляюць выратавальнікам заваёўваць аўтарытэт і павагу насельніцтва. Старшыня райвыканкама пажадаў прысутным, каб ім заўсёды спадарожнічала ўдача і поспех, надзейнае плячо калег і толькі перамогі ў барацьбе са стыхіяй,  а таксама – моцнага здароўя, шчасця і згоды ў сем’ях, дабрабыту і мірнага неба.

Аляксандр Корж уручыў заслужаныя ўзнагароды выратавальнікам.  Граматай Маларыцкага райвыканкама адзначаны намеснік начальніка Маларыцкага РАНС Валерый Трэбік, Пісьмамі падзякі Маларыцкага райвыканкама – першы намеснік начальніка Маларыцкага РАНС Дзяніс Пантыкін і начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Аляксей Белавус, Пісьмамі падзякі Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў – начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Віктар Курганюк, начальнік дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Дзмітрый Сакалюк.

Начальнік Маларыцкага РАНС у сваім вітальным слове сказаў, што дзяржавай ствараюцца ўсе ўмовы для якаснага выканання ўскладзеных на выратавальнікаў задач. Гэта і тэхнічная аснашчанасць падраздзяленняў аддзела, і бытавыя ўмовы, у якіх нясуць службу ратавальнікі.

Сяргей Касянюк падзякаваў калегам за нялёгкую, напружаную, рызыкоўную службу, за тое, што яны годна і добрасумленна вырашаюць  задачы, якія ўскладзены на МНС. Усе яны вельмі адказныя, важныя, значныя для грамадзян і дзяржавы, бо звязаны з абаронай здароўя і жыцця людзей.   Прафесія выратавальніка – спалучэнне высокага майстэрства і мужнасці.  

Сяргей Касянюк падкрэсліў, што на рахунку спецыялістаў Маларыцкага РАНС за мінулы год – два чалавекі, якія выратаваны  на пажарах, адзін – з паверхні вадаёма. Маларыцкія выратавальнікі дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі і прафесіяналізму. Адным з лепшых вадзіцеляў сярод выратавальнікаў Брэстчыны на працягу 7 гадоў з’яўляецца старшы прапаршчык унутранай службы Аляксандр Абрамчук. Старшы сяржант унутранай службы Аляксей Шалковіч з’яўляецца ўладальнікам звання “Лепшы дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці”, капітан унутранай службы Павел Білецкі стаў лепшым аператарам беспілотных лятальных апаратаў.

Сяргей Касянюк пажадаў калегам здароўя, цвёрдасці духу, невычэрпнай энергіі, паменш трывожных званкоў і надзвычайных сітуацый, больш спакойных дзяжурстваў!  

Начальнік Маларыцкага РАНС уручыў  пагоны старшага  прапаршчыка ўнутранай службы вадзіцелю пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Андрэю Стадніку, нагрудны знак  “Выдатнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях” –  дыспетчару цэнтра аператыўнага ўпраўлення Маларыцкага РАНС Аляксею Шалковічу, Ганаровую грамату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – першаму намесніку Маларыцкага РАНС Дзянісу Пантыкіну, юбілейны медаль “20 гадоў органам падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” – начальніку дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Дзмітрыю Любчыку. З рук Сяргея Касянюка нагрудны памятны знак  “165 гадоў пажарнай службе” атрымалі:  старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджвання ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Арцём Дубач, старшы інструктар-выратавальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Аляксей Масюк, старшы інструктар-выратавальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Аляксандр Алесік.

Выратавальнікаў з іх прафесійным святам таксама шчыра павіншавалі начальнік Маларыцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Струнец і старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Наталля Сезік. Яны лепшым супрацоўнікам Маларыцкага РАНС уручылі граматы.

Свае музычныя нумары выратавальнікам падарылі Вольга Бярчук, Валерый Трэбік, Вікторыя Лышчык і  Аліна Дворак.

Мікалай  НАВУМЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий