Бег 12 гадзін бесперарыўна… як прайшоў ультрамарафон “Маларыцкая накавальня-2025”
Пасля паспяховага фінішу на марафонскай дыстанцыі 42 км 195 м многія бегуны шукаюць для сябе новыя выклікі. Тут на дапамогу прыходзяць звышдыстанцыі, якія адразу не кожны чалавек нават на веласіпедзе зможа праехаць. А яны бесперарыўна бягуць на працягу 12 гадзін! Што такое сапраўды магчыма, у чарговы раз пераканаў ультрамарафон “Маларыцкая накавальня-2025”. У нашым райцэнтры гэта спаборніцтва 9 жніўня праводзілася ўжо ў сёмы раз. Яго арганізатарамі традыцыйна сталі Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна.
Памерацца сіламі на звышдоўгай дыстанцыі прыехала 15 спартсменаў-аматараў (з іх – дзве жанчыны) з Мінска, Брэста, Ліды, Жодзіна, Гомеля, Пінскага раёна, а Аляксандр Аксюта – з Масквы. Самаму малодшаму ўдзельніку спаборніцтва – 25 гадоў, самаму старэйшаму – 63 гады. Некаторыя аматары бегу прымалі ўдзел у “Маларыцкай накавальні” не першы раз. Напрыклад, Раман Асаевіч з Мінска сёлета на старт выйшаў ужо трэці год запар. На жаль, ніхто з маларытчан на гэты раз, як і ў мінулым годзе, удзелу ў забегу не прымаў.
На старт у дванаццацігадзінным спаборніцтве (кожнаму ўдзельніку неабходна прабегчы за гэты час як можна большую адлегласць) бегуны выйшлі ў 07.00. Траса была пракладзена ў гарадскім парку. Адзін круг яе складаў адзін кіламетр. Сонечнае надвор’е спрыяла бегу і добрым вынікам. Закончыліся спаборніцтвы ў 19.00.
У выніковым пратаколе “Маларыцкай накавальні” ва ўзроставай групе “Мужчыны 18-40 гадоў” лідарам стаў Сяргей Дыдышко (32 гады), які прабег 129 км. Другі вынік паказаў Аляксандр Касцюкевіч (32 гады, 104 км, яго мінулагодні вынік на гэтых спаборніцтвах –121 км), трэці – Яўгеній Завадскі (31 год, 96 км 50 м). Ва ўзроставай групе “Мужчыны 41 год і старэйшыя” пераможцам стаў Юрый Папоў (56 гадоў, прабег 128 км, яго мінулагодні вынік – 126 км). У групе лідараў – Сяргей Андрон (ІІ месца, 54 гады, 112 км 123 м, яго мінулагодні вынік – 113 км 458 м), Сяргей Асьмушнікаў (ІІІ месца, 45 гадоў, 108 км). Сярод жанчын лепшы вынік прадэманстравала Юнона Сулімчык (39 гадоў, 106 км). Самы старэйшы ўдзельнік спаборніцтва – 63-гадовы Уладзіслаў Сосна – за 12 гадзін бегу адолеў адлегласць у 97 км.
На сёмым Маларыцкім ультрамарафоне было ўстаноўлена як мінімум два своеасаблівыя рэкорды. Вынік 129 кіламетраў – найлепшае дасягненне за ўсе гады правядзення спаборніцтва. Брастаўчанін Сяргей Асьмушнікаў 50 кіламетраў (з 50 па 108 км) бег басанож.
Пераможцаў, прызёраў і ўдзельнікаў “Маларыцкай накавальні-2025” узнагароджвалі дырэктар Маларыцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Таццяна Тышкевіч.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.







