На стадыёне раённай гімназіі прайшоў раённы этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства па біятлоне “Снежны снайпер”

На мінулым тыдні на стадыёне раённай гімназіі прайшоў раённы этап рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У ім прынялі ўдзел вучні ўстаноў адукацыі раёна. На старт выйшлі каманды юных аматараў лыж і трапнай стральбы ў трох узроставых групах.

–У малодшай групе (2015-2016 гадоў нараджэння) спаборнічала 15 дзяўчат і 17 хлопцаў, – гаворыць адказная за арганізацыю і правядзенне спаборніцтваў Аксана Краўчанка. – У сярэдняй групе (2013-2014 гадоў нараджэння) за званне мацнейшых змагалася 16 дзяўчат і 16 юнакоў, у  старэйшай (2011-2012 гадоў нараджэння) – 18 дзяўчат і 16 юнакоў.

Стадыён раённай гімназіі пераўтварыўся ў сапраўдную біятлонную арэну, што дадавала ўдзельнікам турніру асаблівага азарту. Кожны чарговы спартсмен адпраўляўся на лыжню праз 15 секунд пасля старту папярэдняга. Дыстанцыя забегу вагалася ў залежнасці ад узросту вучняў. Для ўдзельнікаў малодшай узроставай групы яна складала 1,8 км, для сярэдняй – 2,4 км, для старэйшай – 3 км. На трасе кожнага ўдзельніка чакалі два агнявыя рубяжы (па пяць выстралаў на кожным з іх з пнеўматычнай вінтоўкі з палажэння лежачы з упора).  Некаторыя юныя снайперы прыехалі за перамогай у другі і нават трэці раз.

Барацьба за лідарства была напружанай. У выніковай турнірнай табліцы першыя месцы занялі мацнейшыя біятланісты:  ва ўзроставай  групе 2011-2012 гадоў нараджэння – Марыя Северанюк (Мельніцкая БШ)  і Давід Камінскі (Мельніцкая БШ), ва ўзроставай групе 2013-2014 гадоў нараджэння – Сафія Камінская (Мельніцкая БШ) і Мікіта Аўдзіенка (Хаціслаўская СШ), ва ўзроставай групе 2015-2016 гадоў нараджэння –  Ганна Габрыльчук (Мельніцкая БШ) і Мікіта Бубенчык (Олтушская СШ).

Хутка лепшыя маларыцкія снайперы будуць абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: падчас спаборніцтваў “Снежнага снайпера”.

Фота аўтара.

         

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий