Таленавітую молодзь Маларытчыны ўшанавалі ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”

Навагодняя цырымонія ўзнагароджвання “Запалі сваю зорку” ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прайшла ў Маларыцкім раённым цэнтры культуры. На яе традыцыйна былі запрошаны пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд і вучнёўскіх навукова-даследчых канферэнцый, дыпламанты і лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх, міжнародных музычных і творчых конкурсаў і фестываляў, пераможцы і прызёры абласных, рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў, а таксама ‒ актывісты БРСМ, педагогі ўстаноў адукацыі раёна.

Перад пачаткам мерапрыемства старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк, начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Іна Панасюк, удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства азнаёміліся з выставай работ “Рукатворныя цуды” вучняў аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога накірунку, выставай работ “Першацветы” ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Юны дызайнер” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выставай малюнкаў “Зімовае чараўніцтва” выяўленчага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Акрамя таго, тут жа была прадстаўлена інтэрактыўная пляцоўка Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна. Усіх прысутных сваёй ігрой на  фартэпіяна зачараваў неаднаразовы лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных  дзіцячых музычных конкурсаў Марк Пішчык.

Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь са словамі вітання да прысутных у зале звярнуўся старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Корж. Ён выказаў захапленне тым, што на Маларытчыне шмат таленавітых, адораных і перспектыўных вучняў. Старшыня райвыканкама адзначыў, што дзяржаўная падтрымка таленавітай моладзі застанецца адным з прыярытэтных накірункаў развіцця нашай краіны. У Беларусі ёсць усе ўмовы для таго, каб моладзь змагла сябе рэалізаваць у розных сферах жыццядзейнасці. “Нідзе, ніколі, ні на якім этапе свайго жыцця не трэба сумаваць і апускаць рукі. Вашы паражэнні павінны стаць новым стартам для вашых перамог”, – падкрэсліў Аляксандр Корж.

Заслужаныя ўзнагароды пераможцам раённага этапу прадметных алімпіяд уручыла начальнік аддзела па адукацыі Іна Панасюк, лепшым юным спартсменам раёна – галоўны спецыяліст па спорце і турызме Маларыцкага райвыканкама Ганна Карацінская, пераможцам творчых конкурсаў, фестываляў – дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна, лідарам, актывістам-удзельнікам мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці – першы сакратар Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Вераніка Бурштын. Узнагароды ўручыў і благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий