Маларытчына прымае абласную алімпіяду па матэматыцы
12 студзеня ў Маларыцкім дзяржаўным аграрным каледжы адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды 2025/2026 навучальнага года па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. На інтэлектуальнае спаборніцтва з’ехаліся лепшыя матэматыкі з усёй Брэстчыны.
Іх вітала намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк. Яна адзначыла, што стварэнне спрыяльных умоў, усебаковая падтрымка таленавітай моладзі – адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі. Адукацыя становіцца не проста сродкам самарэалізацыі маладых людзей, а магутным рэсурсам развіцця рэгіёнаў і ўсёй краіны.
Выдатных вынікаў і пакарэння інтэлектуальных вяршынь пажадаў удзельнікам алімпіяды старшыня журы, доктар фізіка-матэматычных навук, загадчык кафедры фундаментальнай матэматыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Аляксандр Трафімук.
Вызначаць найлепшых матэматыкаў вобласці, якія цяпер вучацца ў 8-11 класах, вобласці будзе кампетэнтнае журы. У яго складзе ёсць і настаўніца матэматыкі раённай гімназіі Людміла Ісаева. Дарэчы, сярод удзельнікаў алімпіяды па матэматыцы, за права называцца лепшай – вучаніца 10 “А” класа раённай гімназіі Мілання Барышная. Пажадаем ёй поспеху, а таксама ўсім удзельнікам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па іншых прадметах, якія абараняюць гонар Маларытчыны ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Кобрыне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.






