Дзевяць дзесяцігоддзяў Вольгі Панасюк
Вольга Панасюк – адна з доўгажыхароў аграгарадка Чарняны. 8 студзеня 2026 года жанчына адзначыла свой 90-ы год нараджэння. Павіншаваць Вольгу Еўдакімаўну прыехалі старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Корж і шмат іншых гасцей.
Юбіляршы былі адрасаваны цёплыя словы падзякі за шматгадовую працу, шчырыя віншаванні, пажаданні здароўя, мірнага неба над галавой, увагі, клопату блізкіх, а таксама кветкі і падарункі.
Няпростае было жыццё ў Вольгі Панасюк. Лёс не песціў жанчыну. Яна нарадзілася ў сям’і Акуліны і Еўдакіма, дзе яшчэ выхоўваўся старэйшы брат Іван, меншы брат Пётр і сястра Еўдакія. Жыла сям’я на хутары бліз вёскі Антанова.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі Вользе было шэсць гадоў, ад сухотаў памерлі бацькі. Выхаваннем дзяўчынкі заняўся старэйшы брат. Не было чаго есці, таму часта даводзілася галадаць. Вучыцца хацелася, аднак так склаліся абставіны, што трэба было дапамагаць па гаспадарцы, таму ў школу Вольга хадзіла ўсяго адзін год, ды і то толькі зімою. Яна навучылася чытаць па складах, пісаць, складаць і адымаць. У восем гадоў ужо самастойна хадзіла за плугам у полі, баранавала, сеяла з сявенькі, жала сярпом жыта і пшаніцу, касіла траву касой на раўне з мужчынамі.
Але не будзеш жа ўвесь век сядзець на шыі ў брата. Таму ўладкавалася на працу паляводам у мясцовы калгас імя Н. Крупскай, а затым – даяркай. Не адзін год была перадавіком па надоях малака ў гаспадарцы, не раз станавілася пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. За больш чым 37 гадоў працы часта атрымлівала розныя заахвочванні ад кіраўніцтва гаспадаркі. Вольга Панасюк, калі выйшла на заслужаны адпачынак, яшчэ амаль сем гадоў працягвала працаваць даяркай.
Калі ў Чарнянах разабралі стары клуб, бярвенні з яго аддалі Вользе Панасюк. Яна наняла майстроў, якія склалі дом. У ім цяпер і жыве жанчына. Уласнае жыццё не склалася. Адзінай дачкі ўжо няма на гэтым свеце.
Сацыяльны работнік Таццяна Самасюк расказвае, што Вольга Панасюк пастаянна садзіла ўсё неабходнае на сваіх 25 сотках: бульбу, моркву, капусту, памідоры, цыбулю, фасолю, часнок… Сама палола, палівала. У мінулым годзе пасадзіла і выкапала бульбу на сваіх некалькіх градках каля дома. Нягледзячы на свой узрост, жанчына яшчэ сама распальвае ў грубцы.
– Ніколі не думала, што столькі пражыву, – гаворыць Вольга Еўдакімаўна. – Усё жыццё завіхалася на зямлі, заўсёды дапамагала іншым і ніколі не сумавала. Дзевяноста гадоў праляцелі вельмі ж хутка, незаўважна. Быццам бы нехта іншы пражыў іх за мяне. Здаецца, толькі ж учора пасвіла на лузе з сябрамі кароў, нарыхтоўвала на зіму для іх сена. А вось ужо дзясяты дзясятак пайшоў.
Вольга Панасюк лічыць, што самае галоўнае ў жыцці чалавека – адказнасць, неабыякавасць да таго, што адбываецца, уважлівасць да навакольных. Не трэба зла трымаць на людзей, нават калі яны і зрабілі нешта дрэннае, нядобрае.
Вольга Панасюк не адчувае сябе адзінокай. Акрамя сацыяльнага работніка, яе пастаянна наведвае суседка Надзея Струнец. Жанчынам, калі збяруцца разам, ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.


