“Палічыў, што гэта мой абавязак…”
26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны 40 секунд прыборы Чарнобыльскай атамнай станцыі зафіксавалі два выбухі на чацвёртым энергаблоку, якія разбурылі рэактар. З-за гэтай катастрофы чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі аказалася забруджанай. У атмасферу было выкінута шмат радыеактыўных рэчываў. У ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС удзельнічала не адна тысяча чалавек з усяго Савецкага Саюза. У іх ліку былі і тагачасныя служачыя Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Сярод іх – і Валянцін Ківачук.
– Ніякага прымусу не адчуваў на сабе, – гаворыць Валянцін Ільіч. – Можна было і не ехаць туды. Аднак сумленне падказвала, што неабходна гэта зрабіць. Я зыходзіў з таго, што нехта павінен быў усё ж такі накіравацца на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС. Палічыў, што гэта грамадзянскі абавязак таго, хто насіў міліцэйскія пагоны. Да таго ж, было вельмі мала інфармацыі пра магчымыя наступствы, каб апасацца.
Тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС перайначыла сотні чалавечых лёсаў, прымусіла назаўсёды змяніць сваё пастаяннае месца жыхарства. Ідуць гады, але пра гэтую аварыю могуць забыць толькі тыя, хто не меў да яе ніякага дачынення, каго не накрыла яна сваім радыеактыўным попелам. Астатнія будуць зноў і зноў успамінаць жахлівую падзею і яе наступствы. Часта ўспамінае перажытае і Валянцін Ківачук. Рудакова, Савічы, Стралічава, Бярозкі, Грушнае, Пасудава, Бабчын, Сонечнае, Камарын… Назвы гэтых населеных пунктаў Гомельшчыны час не здольны сцерці з памяці.
Валянцін Ківачук пасля заканчэння васьмі класаў пайшоў вучыцца ў Маларыцкае ПТВ-155, каб набыць спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Атрымаўшы дыплом, некаторы час працаваў у калгасе “Запаветы “Леніна”, праходзіў службу вадзіцелем грузапасажырскага аўтамабіля УАЗ-452 у групе савецкіх войск у Германіі. Пасля заканчэння тэрміну службы вярнуўся ў Хаціслаў, а 22 чэрвеня 1984 года ўладкаваўся на працу інспектарам дарожна-патрульнай службы Маларыцкага РАУС.
15 ліпеня 1986 года – памятная і незабыўная дата ў жыцці Валянціна Ківачука. У гэты дзень ён у складзе зводнага атрада з Брэсцкай вобласці прыехаў у чарнобыльскую зону, у Брагін. На вуліцах населенага пункта ўбачыў мноства тэхнікі і людзей. Адны займаліся дэзактывацыяй і зносам жылля, другія будавалі і асфальтавалі дарогі.
– Нас пасялілі ў двухпавярховай сярэдняй школе в.Савічы (за 22 кіламетры на поўдзень ад Брагіна), адразу выдалі рэспіратары і прыборы, якія вызначалі ўзровень радыяцыі, – успамінае Валянцін Ківачук. – Кабінеты ўстановы адукацыі нагадвалі армейскія казармы. Мяне ў ваеннай часці, якая тут размяшчалася, паставілі на салдацкае забеспячэнне, Між іншым, кармілі выдатна. Разам са мною ў гэты час у Брагінскім раёне “ліквідатарамі” былі і іншыя маларытчане, у тым ліку мае саслужыўцы – Аляксандр Бугаёў, Аляксандр Астапук, Сцяпан Дворак.
Лета 1986 года на Брагіншчыне выдалася спякотным. А гэта стварала пэўныя нязручнасці. Па зямлі, дзе часта падымаўся пыл, пажадана было не хадзіць, лепш па траве. Калі пыл падымаўся, нельга было здымаць рэспіратар. Больш ніякіх індывідуальных сродкаў аховы нам тады не выдалі. Самым нязвыклым было бачыць тое, што ў адселеных вёсках ні з аднаго коміна не віўся дымок, нідзе не чуваць было галасоў людзей. Па падворках самі па сабе хадзілі свойскія жывёлы, птушкі. Усё гэта наводзіла жах і пачуццё нейкай трывогі.
– А чым вы займаліся канкрэтна ў чарнобыльскай зоне?
– Я працаваў у пары з Уладзімірам Пуставым з Брэста. На службу мы выходзілі па графіку: і ўдзень, і ўночы. Асноўная задача, якая стаяла перад намі, – нагляд за дарожным рухам, кантраляванне выезду транспарту з забруджаных тэрыторый. Усе дарогі, якія вялі ў зону адсялення, былі перакрыты. На асноўных з іх стаялі пасты, а на меншых па памерах і значнасці былі ўсталяваны шлагбаўмы. Даводзілася затрымліваць і парушальнікаў. Паводле аператыўнай інфармацыі выязджалі ў тыя пустуючыя вёскі, у якіх планавалі “пагрэць рукі” марадзёры. У нас была дакладна адпрацаваная схема, якой прытрымліваліся. На аўтамабілі ВАЗ-2113 ездзілі па Брагінскім раёне, сачылі за парадкам на дарогах, цесна ўзаемадзейнічалі са старшынямі сельскіх Саветаў і мясцовых калгасаў, ва ўсім дапамагалі ім. Часта сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, выслухоўвалі іх просьбы, пажаданні, парады. Лічу, што любы міліцыянер павінен умець зразумець чалавека, адчуць яго праблему і дапамагчы разабрацца ў ёй, кіруючыся нязменнымі прынцыпамі законнасці і парадку.
– Валянцін Ільіч, ці былі вы ў трыццацікіламетровай зоне адчужэння?
– Так, давялося. Быў там тры разы па службовых абавязках. “Зона” была абнесена калючым дротам… Наогул, людзі з чарнобыльскай зоны не хацелі ад’язджаць, асабліва – тыя, каму ўжо было за 70 гадоў. З наседжаных месцаў, дзе нарадзіўся, вырас, чалавеку заўсёды зрывацца неймаверна цяжка. Даводзілася праводзіць растлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва, хоць, зрэшты, мы і самі мала што тады ведалі пра радыяцыю і тую небяспеку, якую яна ўяўляла для арганізма чалавека. У нас былі толькі дазіметры. Па іх і вызначалі ўзровень радыяцыі. А ён часта зашкальваў.
У камандзіроўцы ў чарнобыльскай зоне Валянцін Ківачук быў месяц. 15 жніўня 1986 года ён са сваімі саслужыўцамі накіраваўся на Маларытчыну.
– У 2003 годзе выйшаў на заслужаны адпачынак, – кажа Валянцін Ільіч. – Я не прывык сядзець без працы. Таму неўзабаве ўладкаваўся ў Маларыцкую ЖКГ. З таго часу нязменна так і працую вадзіцелем аўтобуса.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і з архіва Валянціна Ківачука.

