На Маларытчыне традыцына праходзіла рэспубліканская дабрачынная акцыя “Збяром дзяцей у школу”

Галоўная мэта акцыі ‒ падтрымаць сем’і, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

Да акцыі далучыліся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў, старшынёй раённага аддзялення партыі “Белая Русь” Алегам Якубчыкам,  загадчыкам спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі г. Брэста “Бізнес і права” Брэсцкй абласной калегіі адвакатаў Эдуардам Зварычам,  старшынёй раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аленай Серадой. Напрыканцы жніўня яны  наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу бацькоў-выхавальнікаў Алены і Уладзіміра Бойка у аграгарадку Лукава. Цяпер тут выхоўваецца дзявяцера дзяўчат і хлопцаў, з іх двое – дашкольнага ўзросту.

Тамара Шатлікава адзначыла, што ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Бойка, як  і ў тых двух, што знаходзяцца ў Маларыце, дзяўчаты і хлопцы якраз атрымліваюць тое, чаго ім не хапае: бацькоўскую цеплыню, любоў, пяшчоту. Бацькі-выхавальнікі Алена Анатольеўна і Уладзімір Міхайлавіч змаглі стварыць для дзяцей камфортнае асяроддзе, якое спрыяе іх гарманічнаму і рознабаковаму развіццю. Клопат дзяржавы пра дзяцей з дамоў сямейнага тыпу робіць іх у пэўнай ступені шчаслівымі  і радаснымі.

‒Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу выконваюць важную сацыяльную функцыю, ‒ сказаў Алег Якубчык. ‒ Дзякуючы ім, дзеці, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, набываюць цяпло бацькоўскага ачага. Клопат пра дзяцей ‒ прыярытэтны накірунак работы органаў улады. Наш візіт адбыўся ў рамках традыцыйнай акцыі “Збяром дзяцей у школу”, якая накіравана на аказанне сацыяльнай падтрымкі сем’ям. Гэтая дабрачынная акцыя на тэрыторыі Маларытчыны праводзіцца штогод. Да яе актыўна далучаюцца неабыякавыя жыхары горада і раёна, грамадскія аб’яднанні,  а цяпер яшчэ – і члены партыі “Белая Русь”. Падораныя пісьмовыя і канцылярскія прылады не будуць лішнімі для сям’і Бойка, у якой цяпер сем школьнікаў. Каштоўнасць сям’і ў любым грамадстве вельмі важная, і трэба падтрымліваць тых, хто выхоўвае дзяцей.

 Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий